Уступ.
Сапоцкінскі
край, Сапоцкіншчына — прыдуманыя аўтарамі гэтай кнігі тэрміны,
якіх нельга ні знайсці на геаграфічнай карце, ні пачуць ад мясцовых
жыхароў.
Аднак такі край існуе. Гэта адчувае кожны, хто, пакінуўшы межы старадаўняга
Горадзена, пераязджае ці пераходзіць жалезабетонны мост над хуткаплыннай
Ласоснай, або як яе тут называюць, Ласасянкай. Спачатку паабапал
дарогі
цягнецца вялізны абшар палёў, які, асабліва калі павярнуць у бок
Зарачанкі,
ранейшай Балі, хутка змяняецца пясчанымі пагоркамі, дзе-нідзе парослымі
выспамі маладога сасновага лесу. Раз-пораз пасярод вёскі можна ўбачыць
вежу
каталіцкага касцёла, страдаўнюю шляхецкую сядзібу (сярод іх знакаміты
на ўсю
Беларусь палац у Свяцку — “мясцовы Нясвіж”), бетонныя замшэлыя муры
фартоў
Гарадзенскай крэпасці каля Навумавічаў ці ўзарваны немцамі летам
1941-га
савецкі ДОТ. Далей за Сапоцкінам, бліжэй да рэчышча Чорнай Ганчы
і
Аўгустоўскага каналу, пачынаецца лес. Гэта рэшткі былой Перстуньскай,
пазней
Аўгустоўскай пушчы, якая пяцьсот гадоў таму цягнулася ад Горадзена
да самай
крыжацкай мяжы. Яшчэ далей сутыкаюцца тры дзяржаўныя граніцы — беларуская,
польская і літоўская. Чым жа, апроч краявідаў, адметныя ваколіцы
Сапоцкіна,
гэты куточак беларускай зямлі, заціснуты паміж Нёмнам і мяжой з
Польшчай,
Ласоснай і мяжой з Літоўскай рэспублікай? Зразумела, найперш людзмі
і сваёй
надта багатай, нават па беларускім меркам, гісторыяй. Аб гісторыі
і пойдзе
размова ў кнізе...
Агульна вядомы той факт, што тэрыторыя
Заходняй Беларусі, і асабліва
Гарадзеншчына, з’яўляецца месцам, дзе на працягу многіх стагоддзяў
ужываюцца
разам прадстаўнікі розных народаў. І калі гісторыя з’яўлення на
Беларусі
яўрэяў, татараў, рускіх больш-менш вядомая даследчыкам, то паходжанне
польскай нацыянальнай меншасці да сённяшняга дня выклікае дыскусіі.
Часы
Вялікага княства Літоўскага, а пазней Расійскай Імперыі не ведаюць
масавага
перасялення заходнеславянскага насельніцтва на беларускія землі,
а між тым
некаторыя часткі Гарадзеншчыны (напрыклад, Воранаўшчына) у пераважнай
большасці заселены людзмі, якія адносяць сябе да ліку палякаў. У
сваю чаргу,
ані мова, ані асаблівасці побыту не адрозніваюць іх ад сваіх суседзяў,
якія
называюць сябе беларусамі. Саманазве “паляк” стабільна спадарожнічае
толькі
адна прыкмета — каталіцкае веравызнанне. Многія прадстаўнікі беларускай
інтэлегенцыі ўжо на працягу больш чым ста гадоў гавораць пра “беларускіх
палякаў” як пра вынік паланізатарскай работы каталіцкага касцёла
ў канцы
ХVІ—ХІХ стст. Аднак такі пункт гледжання, безумоўна, з’яўляецца
аднабаковым.
Яшчэ напачатку ХІХ стагоддзя тры чвэрці насельніцтва Беларусі належала
да
уніяцтва, не называла сябе ані палякамі ані беларусамі, ў асноўнай
масе
маючы саманазву “тутэйшыя”[2]. І толькі падзеі 1839 г., калі ў
Паўночна–Заходнім краі адбывалася прымусовае далучэнне грэка-каталікоў
да
праваслаўя, змусілі многія тысячы беларускіх сялян “самавызначыцца”
ў
нацыянальным плане. Адныя, што свядома прынялі праваслаўе, або былі
загнаныя
туды прымусам, трапілі ў лік “рускіх” (пазней на іх перамясціўся
назоў
“беларусы”); другія, што змаглі праўдамі і няпраўдамі перайсці з
уніі ў
рыма-каталіцтва, сталі “палякамі”. Гэтую акалічнасць не абмінуў
творчы геній
Францішка Багушэвіча, які ў вершы “Хрэсьбіны Мацюка” дакладна апісаў
як
супрацьстаянне расійскага ўраду і каталіцкага касцёла “рабіла з
тутэйшых
палякаў і рускіх”.
Аднак даследаванняў, якія на канкрэтных прыкладах апісвалі б змены
этнічнай
самасвядомасці жыхароў Беларусі ў сувязі з канфесійнымі працэсамі,
у
беларускай гістарычнай навуцы пакуль няма. Між тым ў паўночна-заходняй
частцы Гарадзенскага раёна існуе невялікая тэрыторыя, вывучэнне
этнаканфесійных працэсаў на якой дае нам выдатную магчымасць фактамі
падцвердзіць выкладзеную вышэй тэорыю. Гэта ваколіцы мястэчка Сапоцкін
(у
нашай працы яны атрымалі назву “Сапоцкінскі край”), якія былі адзінымі
землямі з беларускім насельніцтвам, што паміж 1815 і 1915 гг. ўваходзілі
ў
склад Царства Польскага (аўтаномнай часткі Расійскай Імперыі). Фактычна
у
сваім даследванні пад назвай “Сапоцкінскі край”, мы разумеем частку
цяперашняга Гарадзенскага раёна (прыкладна 450 км2), абмяжаваную
з усходу
Нёманам, з поўдня Ласоснай і яе прытокам Татаркай-Прыпіліяй, з захаду
й
поўначы беларуска-польскай і беларуска-літоўскай межамі. Натуральным
цэнтрам
рэгіёна заўсёды было мястэчка Сапоцкін. Менавіта гэтыя землі, адзіныя
ў
сучаснай Беларусі (і хіба што адзіныя з этнічна беларускім насельніцтвам
увогуле), на працягу 1815—1915 гг. былі часткай Царства Польскага,
што і
вызначыла спецыфіку развіцця рэгіёну. У межы даследвання мы ўключылі
таксама
невялікую тэрыторыю сучаснай Рэспублікі Польшча (прыкладна 300 км2),
з
цэнтрам у мястэчку Ліпск, які быў гістарычна непарыўна звязаны з
Сапоцкінскім краем да 1945 г., калі, паводле новай мяжы паміж Польшчай
і
БССР, Ліпск з ваколіцамі апынуўся на польскай тэрыторыі. Ліпск і
Рыгалаўка ў
Польшчы, Сапоцкін (Тэалін), Селіванаўцы, Адамавічы, Перстунь, Лабна,
Галынка
і Баля — вось тыя рыма-каталіцкія парафіі, пра гісторыю якіх пойдзе
размова
ў нашай кнізе. Цяпер яны належаць да розных дэканатаў і нават дыяцэзіяў,
але
яны непарыўна злучаныя сваім гістарычным лёсам, бо менавіта тут
паміж 1839 і
1875 гг. жылі апошнія грэка-каталікі Беларусі.
Гэтая кніга задумвалася і пісалася не за пісьмовым сталом. Ідэя
яе стварэння
ўзнікла пад час нашых краязнаўчых вандровак па Сапоцкінскам краі
ў 1998—2004
гг. Менавіта таму яе фактычнамі сааўтарамі могуць лічыцца таксама
нашыя
добрыя сябры Янка Лялевіч і Дзмітрый Люцік. Разам з імі мы прайшлі
амаль усе
дарогі краю, наведалі дзясяткі вёсак, запісалі кіламетры магнітафоннай
стужкі размоваў з мясцовымі жыхарамі. Фактычна разам з імі і былі
напісаныя
першыя артыкулы па гісторыі Сапоцкінскага краю, якія ўжо паспелі
выклікаць
пэўную цікавасць сярод беларускіх і польскіх гісторыкаў.
Хочацца таксама падзякаваць гісторыкам Анатолю Вапу і Уладзіміру
Ляхоўскаму,
якія дапамаглі нам выключна цікавымі дакументамі і фотаздымкамі.
Адказы на пытанні, якія мы ставілі перад сабою цягам апошніх гадоў,
мы і
хочам прапанаваць чытачу.
