Наваградак
Наваградак. Канец 14 стагоддзя...
Стыль: Готыка, "Сармацкае барока"
Год пабудовы: кан. 14 ст., 1712-23
Наваградак. Касьцёл па сваёй клерыкальнай гісторыі
адзін з самых старажытных на Беларусі, заснаваны вялікім князем
Вітаўтам у 1395 г. У 1422 г . у касьцёле кароль Польшчы Ягайла
браў шлюб з князёўнаю Зоф'яй Гальшанскаю. Як выглядаў першы будынак
касьцёла - невядома. Ацалелі раньнія гатычныя мураваныя фрагмэнты
14 стагоддзя: дзьве гранёныя каплічкі з нэрвюрнымі скляпеньнямі
і каляровымі вітражамі, "у волаў апраўленымі".
У адной з капліцаў захоўваецца цудатворны абраз
Маці Божае Наваградскае, празь які немаўляткам атрымаў аздараўленьне
Адам Міцкевіч, ахрышчаны ў гэтым касьцёле 12 лютага 1799 г.
У другой гатычнай капліцы знаходзіцца скульптурная
выява сьв. Экспэдыста, мармуровая кансэкрацыйная табліца і мэмарыяльная
пліта, умураваная ў паўночную сьцяну ў 1643 г. па загадзе кашталяна
наваградскага Яна Рудаміны на памяць аб браце і сябрах, якія загінулі
ў пераможным баі пад Хоцінам у 1621 годзе. Надмагільле вырашана
па мастацку выразна: уверсе разьмешчана рэльефная выява Маці Божае
зь Дзіцяткам на аблоках. Цэнтральная частка ўяўляе шматфігурную
рэльефную кампазыцыю з выявамі дзевяці ўкленчаных фігураў загінуўшых,
справа ад іх у больш буйным маштабе таксама ўкленчаная ў малітоўнай
позе з ружанцамі ў руках фігура самога Яна Рудаміны, а ўнізе -
пераможаныя ім ворагі з адсечанымі галовамі ў цюрбанах. Гэтае
надмагільле зьяўляецца унікальным помнікам манумэнтальнага мастацтва
"сармацкага барока". Магчыма, яго ідэю патрыятызму і
рыцарскае годнасьці працягнулі і разьвілі пры ўзьвядзеньні новага
мураванага касьцёла.
Пры будаўніцтве касьцёла старыя мураваныя капліцы
былі тактоўна улучаны ў яго агульную кампазыцыю. Дзеля гэтага
ўся масіўная сьцяна галоўнага фасада разам з важкімі прызматычнымі
вежамі значна ссунута адносна восі сымэтрыі кафалікона, каб закрыць
пры падыходзе да яго фрагмэнты старажытнае будовы. Гэты прыём,
выкарыстаны ў збудаваньні "сармацкага барока", падкрэсьлівае
ролю ў ім фасада як тэатральнае заслоны, што закрывае ад гледача
рэальную кампазыцыю і стварае ўражаньне сівое даўніны, рамантычнае
эпохі гістарычнага барбарства.
З 27.9.1991г. у капліцы Цела Гасподняга знаходзяцца
астанкі сясьцёр-назарэцянак (ахвяр гітлераўцаў, якія пайшлі на
сьмерць замест закладнікаў).
Старонка энцыкляпэдыі -
Наваградак. Націснуўшы на кнопку з фотакамэрай, вашай увазе (на
CD) будзе прапанаваны фоташэраг здымкаў (звычайна памерам 1024x768
і сярэдняй колькасьцю па 10 здымкаў на касьцёл): агульны від,
элемэнты фасадаў, інтэр'еры, Наваградак і г.д.
Наваградак:


|